Віншую братоў і сёстраў, якія належаць да пратэстанцкіх цэркваў, з Днём Рэфармацыі.
Калі ўжо гэтымі днямі Папа Францішак паляцеў у Швецыю віншаваць пратэстантаў – то ніхто мне не зможа сказаць, што я раблю штосьці кепскае :)
Раней вернікі, якія належаць да розных цэркваў, горача спрачаліся, чыя дактрына болей праўдзівая. А цяпер, як сустрэнеш чалавека, які жыве па Святым Пісанні, ужо не пытаешся, католік ён, праваслаўны ці пратэстант. Радуешся, што сустрэў брата ў Хрысце.
У маім юнацтве быў перыяд, калі я не мог знайсці сабе месца ў Каталіцкай Царкве. Я шукаў, але не мог знайсці там ні пачуцця супольнасці, ні сяброў. Тады я жыў у Мінску, і пазнаёміўся з многімі маладымі вернікамі з пратэстанцкіх цэркваў.
Сярод братоў і сёстраў пратэстантаў я адчуў сябе як свой сярод сваіх. Я адчуваў, што ў нас адна і тая ж вера, у аднаго і таго ж Ісуса Хрыста, Які ўваскрос. У мяне дагэтуль болей сяброў пратэстантаў, чым католікаў.
Адрозненні ў вучэнні не заміналі нам маліцца разам, разважаць над Пісаннем, размаўляць, сябраваць. Бо не ў адрозненнях сутнасць нашай веры, а ў Богу, Адзіным у Тройцы, Які адкрыў Сябе ў людской гісторыі і ў Святым Пісанні.
Свята, у пярэдадзень якога Марцін Лютар прыбіў свае 95 тэзісаў да дзвярэй катэдры ў Вітэнбергу – гэта свята Усіх Святых. Хто яны, гэтыя Святыя? “Гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка. Таму яны — перад тронам Бога і служаць Яму ўдзень і ўначы ў святыні. Яны ўжо не будуць ні галадаць, ні прагнуць, і не будзе паліць іх сонца і ніякая спёка, бо Баранак, які пасярод трона, будзе пасвіць іх і вадзіць да крыніц жывой вады” (Адкрыццё Яна Багаслова, 7, 14-17).
Дык вось жадаю вам усім, дарагія браты і сёстры, і малю Бога, каб, ідучы за Яго Словам, шукаючы і выконваючы Яго волю, узрастаючы ў веры, мы сустрэліся ў Вечнасці ў тым “вялікім натоўпе, якога ніхто не мог палічыць, з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты і з пальмовымі галінкамі ў руках сваіх” (Адкрыццё Яна Багаслова, 7, 9).